ГРАМА́ДСКІЯ БУДЫ́НКІ,

тыпалагічная разнавіднасць будынкаў, прызначаных для размяшчэння дзярж. і грамадскіх устаноў, прадпрыемстваў сац. абслугоўвання насельніцтва. Паводле функцыян. прызначэння падзяляюцца на адм.-дзелавыя, грамадскіх арг-цый, устаноў фінансавання, крэдытавання, страхавання, сувязі, н.-д., праектных, канструктарскіх устаноў і арг-цый, навуч.-адукацыйныя, выхавання, аховы здароўя, спартыўныя збудаванні, культ.-асв. і відовішчныя, гандлю і быт. абслугоўвання, грамадскага харчавання, транспартныя, камунальныя, гасцініцы, культавыя збудаванні і інш. Паводле функцый могуць быць шматфункцыянальныя (грамадска-культ. цэнтры, палацы моладзі, дамы тэхнікі, спарт. цэнтры) і спецыялізаваныя (тэатральныя будынкі, музеяў і выставачных залаў будынкі, бібліятэкі), унікальныя, створаныя па індывід. праектах, і масавыя, паводле тыпавых (паўторных) праектаў.

Грамадскія будынкі вядомы з глыбокай старажытнасці. Найб. пашыраны былі культавыя збудаванні. У Стараж. Грэцыі і Рыме былі адм. будынкі (прытанеі, булеўтэрыі), спарт.-вучэбныя (гімнасіі, палестры, стадыі), т-ры, б-кі, тэрмы і інш. У перыяд феадалізму будаваліся ратушы, дамы цэхавых брацтваў, купецкіх гільдый; у эпоху капіталізму — офісы, біржы, камерц. банкі, крытыя рынкі, вакзалы, бальніцы, гандл. і выставачныя залы, клубы, у т. л. прыватныя. У СССР пабудаваны шматлікія грамадскія будынкі шырокай наменклатуры. Грамадскія будынкі маюць вял. горадабудаўнічае значэнне ў фарміраванні грамадскіх цэнтраў гарадоў і сельскіх нас. пунктаў, іх арх.-маст. аблічча.

На Беларусі ў ліку буйнейшых грамадскіх будынкаў: у Мінску Дом урада Рэспублікі Беларусь, рэзідэнцыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (1939—47, арх. А.П.Воінаў, У.Вараксін), будынак Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь, Акадэмія навук Беларусі, Бібліятэка нацыянальная Беларусі, Дом афіцэраў, гар. Універмаг (1951), Мінскі галоўны паштамт, Мінскі палац спорту, ЭКСПА-цэнтр (павільён міжнар. выставак; 1988), вучэбна-лабараторныя карпусы Мінскага мед. ін-та (1980), Бел. політэхн. акадэміі (1982), Дом літаратара (1976); у Брэсце Брэсцкі аэравакзал; у Віцебску вучэбна-лабараторны корпус мед. ін-та (1981); у Гомелі Гомельскі лёгкаатлетычны манеж; у Гродне абл. драм. т-р (1984); у Магілёве Магілёўскі Дом Саветаў (1937—39); у Бабруйску Магілёўскі абл. т-р драмы і камедыі (1978), вялікія грамадскія будынкі ў Баранавічах, Барысаве, Оршы, Маладзечне, Пінску, Салігорску, Светлагорску, Наваполацку, у сельскіх нас. пунктах.

Літ.:

Орловский Б.Я., Сербинович П.П. Архитектура гражданских и промышленных зданий: Обществ. здания. М., 1978;

Страмцова Т.С. Проектирование и строительство жилых и общественных зданий в Белоруссии. Мн., 1965;

Воинов А.А. История архитектуры Белоруссии: (советский период). Мн., 1975;

Филимонов С.Д. Архитектура общественных зданий Белоруссии. Мн., 1985;

Архитектура Советской Белоруссии. М., 1986.

В.І.Анікін.

т. 5, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)